Алена Стэльмах

Веруйце, дзеці, ў лепшае заўтра

Лебедзіная чарада – зборнік паэтычных твораў / рэд. Мілаш Ефтыч ; пераклаў з сербскай мовы Мікіта Супрунчук. - Бялград : Праект Растка, 2020 г. - 115 с.

 

Мне б вельмі хацелася запытацца ў вясковага настаўніка з Сербіі Мілаша Ефціча: чаму ў свеце, багатым на разнастайныя заняткі, ён настойліва раіць сваім вучням займацца паэзіяй?

З 2012 года пачаўся адлік творчых здабыткаў юных паэтаў з некалькіх вёсак і мястэчак паўночнай Сербіі. Спярша гэта была так званая спроба пяра, на якую выхаванцы Мілаша ахвотна адгукнуліся. І ў хуткім часе пачынаючыя творцы напоўніцу адчулі смак стварэння паэтычных вобразаў, і іх перамогі сталі набываць усё больш шырокі, у тым ліку і міжнародны размах. У 2013 годзе пра таленавітых школьнікаў з Сербіі даведаліся ў Франкфурце, праз год ім пакарылася Масква, далей – Дуін, Мілан, Тора, Вена… Зараз ёсць нагода гаварыць пра тое, што і Мінск гатовы ўганараваць лаўрэатаў прэстыжных конкурсаў і прэмій: зборнік іх твораў, у які ўвайшлі 25 аўтараў, перакладзены на беларускую мову. Не выклікаць захаплення кніга не можа. Яна, у нечым па-дзіцячаму наіўная і па-даросламу разважлівая, абуджае яркую палітру жывых пачуццяў.

Ажыццяўленне такога файнага міжнароднага праекту стала магчымым дзякуючы сустрэчы Мілаша Ефціча з нашым земляком Мікітам Супрунчуком, які на той час працаваў на філалагічным факультэце Бялградскага ўніверсітэта. Мілаш, заклапочаны перакладам кнігі на розныя мовы свету, размясціў аб’яву ва ўніверсітэце з надзеяй, што знойдзе паплечнікаў-валанцёраў. Мікіта Супрунчук адгукнуўся адразу. Паўгода ён прысвяціў таму, каб паэзія сербскіх дзяцей загучала на нашай роднай мове. Так атрымаўся зборнік, дзе аўтары прадстаўлены як “Літаратурная сям’я”. А назву кнізе яе рэдактар Мілаш Ефціч і іншыя яе стваральнікі далі ўзнёсла-рамантычную – “Лебядзіная чарада”.

Цяпер у нас ёсць прыемная магчымасць даведацца, як жывуць дзеці ў блізкай нам па духу славянскай краіне, пра што яны мараць, які маюць светапогляд. У нечым ён адрозніваецца ад нашага. Зразумела, кожны народ вызначаецца адметным нацыянальным характарам. Звычкі, тэмперамент, мова ў кожнага свае. Тым і прыцягальная паэзія сербскіх дзяцей, бо яна пашырае веданне свету, яго прагнае адчуванне.

Чыстыя, спагадлівыя дзіцячыя душы не церпяць падману, няшчырасці. Таму відавочна, што многія гісторыі, пакладзеныя ў аснову вершаў, маюць вельмі рэалістычны характар. Так дзеецца ў аўтараў дома, у школе, у іх атачэнні. Дзеці з уласцівым іх узросту разуменнем жыцця дапамагаюць дарослым больш глыбока ўспрымаць яго праявы. Пра ўсё гэта юныя паэты распавядаюць вельмі непасрэдна і праўдзіва.

Напрыклад, Крысціна Арсеніевіч назвала свой верш “Няма ад гэтага карысці”. Што мае на ўвазе юная аўтарка? “Вечарам учора тата ў восем прыйшоў// суп еў і плоў халодным знайшоў” – так пачынаецца расповед пра набалелае ў іх сямейных адносінах. Дакладней, дзяўчынка вельмі сумуе з прычыны вечнай занятасці свайго таты, які не можа “расказаць мне тое, што б я ведаць хацела”. Не суцешвае дачку і матуліна тлумачэнне: “кажа мне маці: крызіс свет захапіў// (вось і ён працуе па дванаццаць гадзін)”. Малая назірае, як сівеюць бацькавы валасы ад хваляванняў за сямейны дабрабыт. Дзяўчынка вельмі шчырая ў сваім прызнанні: насамрэч “тата, мне трэба – не рэчы”. І дадае: “у сэрцы маім яго месца”.

Наўрад ці гэты і іншыя падобныя яму вершы сербскіх дзяцей не крануць любога з бацькоў. На жаль, праблема стасункаў у сям'і – сусветная. Дарослыя мяркуюць купіць за грошы ўсё самае найлепшае для дзяцей, не зважаючы на тое, што для малых каштоўней за любыя падарункі пяшчота роднага чалавека.

Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе вершы, што распавядаюць пра свавольствы ці штукарствы ўпраўных жэўжыкаў. Уладзімір Ёвіч надумаў апісаць “Паход на курыныя яйкі”. Было яму тады гадкоў шэсць. І быў у яго такі ж сябра-няўструй Алекса. ”Узялі мы абодва спайдэрмэнавы маскі,// каб куры выпадкам нас не пазналі;// каб не разарвалі нас// звяры гэтыя раз’юшаныя,// мяцёлкі мы прыхапілі// і некалькі ахапкаў прэсаванай саломы." Што было далей – трэба чытаць верш і ад душы смяяцца. "Улоў" хлопцам усё ж удалося прыдбаць, аднеслі яны яго бабе Ружы, якая “сасмажыла незабыўную яечню”. На такой "сытай" ноце ўсё б і скончылася, калі б нашага героя не чакала дома лупцоўка, бо яго пакрывала салома ад галавы да пят.

Якія ў сваіх прыгодах усе дзеці-свавольнікі падобныя! Хіба толькі ў сербскім куратніку магла адбыцца такая дзея? Ох, і ў беларускіх хлеўчуках спраўна нясуцца куры, і ласыя да іх яек многія хлапчукі...

А вось гісторыя пад назвай “Неразбярыха”, якая здарылася з Катарынай Гоіч. Хаця, па-праўдзе кажучы, і беларускія дзяўчынкі не менш дасціпныя ў сваіх вынаходніцтвах. “Аднойчы нечакана// адбылася драма:// Я ў хаце засталася,// малая, зусім сама!” І што ў такім разе робіцца? Канешне, падстаўляецца зэдлік да таго месца, лезці куды матуля аніяк не дазваляе. “На паліцы адной,// Той, не для мяне малой,// У прыгожай скрынцы,// Мама штосьці// лоўка// хавае!" Далейшы ход падзей прадказальны: адарванае вечка ў скрынцы, ушчэнт разбіты кубак… “У скрынцы няма нічога,// Толькі павучок,// падобны да// васьмінога!" Расчараваная Катарына сама ў сябе пытаецца: што сказаць цяпер маме?

Дзеці ўмеюць ставіцца да сябе і вельмі крытычна, тым самым займаюцца ўласным выхаваннем. І ў Нікалы Кнэжавіч гэта вельмі няблага атрымліваецца. Вось што яна распавядае ў сваім вершы: “Калі я хачу што-небудзь сказаць,// Спачатку нахлыне глупства!// Таму я разяўлю рот// і пачакаю, пакуль глупства вылеціць".

Ана Джурдавіч свой верш назвала па-даросламу – “Бяда”. Што трывожыць яе чулую душу?

“Бяда – гэта калі ў кампутар гуляеш// І паўгадзіны прайшло, а тата// Крычыць табе, што трэба займацца!// Бяда – гэта калі ты ясі// гарачы суп без вітаміна “Бэ”.// Бяда – гэта калі паб’ешся ў школе,// Ды ў дадатак цябе пакараюць дома!"

Дзеці, на радасць дарослых, аналізуюць і ацэньваюць тое, што з імі адбываецца, вучацца несці адказнасць за свае ўчынкі. Так выхоўваецца ў іх сумленнасць, спагадлівасць.

З верша ў верш адчуваецца, як сталеюць іх аўтары, а разам з тым і адкрываюцца перад імі новыя жыццёвыя прасцягі. Юных паэтаў пачынаюць хваляваць новыя тэмы. І сярод іх тэма адвечная – любоў. А хіба можна абмінуць палкасць нязведанага пачуцця з таямнічай назвай “каханне”? Алена Джагула яднае паняцці “любоў” і “жыццё”. “Пра любоў пісаць не перастануць…// Заўсёды нанава// любоў… І зноў,// любоў… Толькі праз любоў адкрываецца// жыццё!"

Каханне, як вядома, – гэта не толькі агністая радасць, але часам і горкае расчараванне. Ёвана Станіслаўлевіч знайшла сваё ратаванне ад непадзеленых пачуццяў: “Табе ж я// дарую халодных начэй пагляды,// адлегласць, якую змяншаць// ты не стаў;// дарую табе, што ты// мне казаў “кахаю”,// але не кахаў".

Глыбінёй мыслення, філасофскім зместам уражвае найкарацейшае апавяданне Славы Утвіча “Паразважаем”. “Каб распаўсюдзіць сваю думку, ты павінен// падштурхнуць да мыслення і іншых, каб падштурхнуць і іншых да мыслення, ты павінен паставіць належнае пытанне. Толькі тады// думка можа// перарасці ў ідэю, а ідэя// у справу. Усё заключаецца// у належным пытанні, а ўмова, каб дайсці да належнай думкі, такая, што трэба пачаць думаць… Так зноў прыходзім да пачатку і кружымся// у коле! Няма канца".

Яшчэ адна вельмі прыкметная рыса вершаў сербскіх дзяцей – гэта ўкладзенае ў іх святло юных душаў, памножанае на шчырасць і дабрыню. Дэяна Лукіч жадае: “Хай жывуць дзеці ў свеце кахання,// Няхай растуць без кепскіх// успамінаў, без карцін пакут// і розных злых// спраў, якія робяцца// на гэтым свеце, які знаходзіцца ў тваіх// руках”.

Чытаючы вершы сербскіх школьнікаў, усё больш пераконваешся ў сугучнасці памкненняў людзей у розных кутках нашай планеты. У дадзеным выпадку гэта надзвычай каштоўнае тым, што высокім паэтычным словам спавядаецца моладзь. Своеасаблівым праграмным у гэтым накірунку творам хочацца назваць верш Катарыны Мілкіч “Веруйце, дзеці, ў лепшае заўтра”. “Часта я слухаю матчыны словы:// “Не дазваляй, дачушка, каб табе дурылі гловы!// Не падае, дзеці нічога з неба,// Трэба сумленна зарабіць сабе хлеба!” Гэтым простым жыццёвым, але такім важным ісцінам павучае сербская жанчына. Гэтага зычаць і ўсе матулі Зямлі: “Працавітымі будзьце, веруйце ў Бога.// Заўсёды блізкаму дапамажыце.// Нельга ніколі красці і лгаць,// ніхто вас іначай не зможа ўратаваць.// Веруйце, дзеці, ў лепшае заўтра,// кожнае ночы і кожнае рання!”

У прадмове да зборніка Мікіта Супрунчук згадвае пра асаблівасці сербскай мовы. Прызнаецца, што не заўсёды ўдавалася дакладна перакласці словы, некаторых рэчаў (а значыць, і адпаведных ім слоў) у Беларусі няма. “Сербская паэзія менш трымаецца на рыфме, а больш на націску. Сербскі націск адрозніваецца ад беларускага: ён меладычны, павышаецца ці паніжаецца ў слове, калі ёсць галосныя больш і менш працяглыя” – вось такі цікавы досвед маем ад перакладчыка. Дзякуючы яго намаганням беларуска-сербскае літаратурнае сяброўства, традыцыйна багатае на творчыя стасункі, падмацавалася вельмі змястоўным выданнем, цікавым як дзецям, так і дарослым. Кніга кліча ў падарожжа ў цудоўную краіну Сербію, дзе ўпэўнены, беларусаў чакаюць як добрых сяброў. Гэтак жа і ў Беларусі будзем рады гасцям з Сербіі.

З захапленнем прачытаўшы зборнік, я падумала, што нават і не сустрэўшыся з настаўнікам-энтузіястам, вялікім аматарам паэзіі Мілашам Ефцічам, я дазналася пра яго шчырыя памкненні і яго цвёрдую ўпэўненасць: паэзія выхоўвае асобу. Зразумела, за гэты час многія яго вучні падраслі, нехта вучыцца далей, а хто ўжо і стварыў сям’ю. Але паэзія па-ранейшаму напаўняе духоўны свет кожнага. Што гэта менавіта так, пераконвае Нікаліна Божыч: “Як вырасту, то паэткай сапраўднай я стану, буду вершы// пісаць і для дарослых, і для малых, //і ўсе хваліць мяне//будуць!”

 

На Растку објављено: 2020-07-27
Датум последње измене: 2020-07-27 16:20:48
 

Пројекат Растко / Пројекат Растко Белорусија